З першамайскай традыцыяй. Свята працы ў Ляхавічах адзначылі шматлюдным шэсцем, пасадкай алеі, велапрабегам. Традыцыі святкаваць Першамай шмат дзесяцігоддзяў

І сёлетнія ўрачыстасці, прымеркаваныя да Свята працы, на Ляхавіччыне прайшлі асабліва ўзнёсла і маштабна. Землякі з размахам адзначылі 120-годдзе прафсаюзнага руху, які асацыюецца менавіта з Першамаем.

Дэлегацыі працоўных калектываў, кіраўніцтва раёна і дэпутацкі корпус, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый, гараджане і вяскоўцы, многія прыйшлі сем’ямі, утварылі вялікую калону, упрыгожаную паветранымі шарамі, дзяржаўнай і прафесійнай сімволікай. Пад гукі духавога аркестра калона прайшла ад плошчы Леніна па вуліцах роднага горада да парку адпачынку па вуліцы Дзесюкевіча, дзе і адбыліся асноўныя мерапрыемствы ў гонар юбілею прафсаюзнага руху. Парк сустрэў удзельнікаў і гасцей свята абноўленым – з новай пляцоўкай. Вакол панавала атмасфера радасці, натхнення, прыўзнятага настрою.

Пра пашану да чалавека працы, пра тое, як важна берагчы мір, шанаваць і прымнажаць здабытае старэйшымі пакаленнямі, пра патрыятызм і вернасць прафсаюзным традыцыям гаварылі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Георгій Хлябовіч, старшыня райвыканкама Мікалай Мароз, кіраўнік дэпутацкага корпуса Ляхавіччыны Юрый Чаранкевіч, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Тамара Пракап’юк.
Гонар і пашана – чалавеку працы. Усе мы на сваім працоўным месцы ўносім часцінку свайго укладу ў агульны дабрабыт. Лепшым працаўнікам устаноў, арганізацый, прадпрыемстваў, актывістам прафсаюзнага руху, неабыякавым і крэатыўным, працавітым і надзейным былі ўручаны ўзнагароды райвыканкама і райсавета дэпутатаў, прафсаюзныя ўзнагароды. Сярод адзначаных – медыкі, педагогі, работнікі перапрацоўчых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, будаўнікі і культработнікі, камунальнікі і прадстаўнікі іншых устаноў і арганізацый.
Актывісты БРСМ і маладой палітычнай партыі «Белая Русь» сталі ўдзельнікамі велапрабегу «Мір! Праца! Май!», усклалі кветкі да брацкай магілы на плошчы Перамогі ў Ляхавічах. А ў парку закладзена алея ў гонар 80-годдзя вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў і 120-годдзя прафсаюзаў.
І культурная частка свята атрымалася цікавай. Сваю творчасць землякам з энтузіязмам дарылі аматарскія калектывы мастацкай творчасці ўстаноў культуры і адукацыі.
Свята стала адназначна і сямейным: дзеці з задавальненнем бавілі час на разнастайных атракцыёнах, у тым ліку на пляцоўцы бяспекі, арганізаванай РАНС.

Галіна КАНЬКО, “Ляхавіцкі веснік”
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.