З любоўю да песні.На тры дні нашы Ляхавічы са звычайнага райцэнтра ператварыліся ў абласную творчую сталіцу

Cярод удзельнікаў песеннага форуму – народны вакальны ансамбль «Імпрэза» Навамышскай ДШМ Баранавіцкага раёна.

На тры дні нашы Ляхавічы са звычайнага райцэнтра ператварыліся ў абласную творчую сталіцу. Мы гасцінна прымалі ўдзельнікаў абласнога песеннага форуму «З любоўю да песні»

Яшчэ падчас падрыхтоўкі было відавочна – свята павінна атрымацца. І атрымалася. Адметнае, феерычнае, цікавае! Сумаваць не давялося ні дзецям, ні дарослым. Сапраўды, гэтыя тры дні далі надзвычайны зарад бадзёрасці Ляхавічам і ляхавічанам.

Урачыстае адкрыццё абласнога песеннага форуму адбылося вечарам 4 чэрвеня. Але конкурсная праграма пачалася яшчэ да афіцыйнай часткі. У гарадскім Доме культуры за права звацца лепшымі змагаліся дзіцячыя вакальна-харавыя калектывы з розных рэгіёнаў Брэстчыны.
– Віншую ўсіх з такім цудоўным песенным святам, якое зноў завітала ў гасцінныя Ляхавічы. Шчыра ўдзячны ўсім: арганізатарам мерапрыемства, гаспадарам форуму, удзельнікам, журы, гледачам. Хачу пажадаць канкурсантам паспяховых выступленняў і перамог, – адзначыў падчас адкрыцця начальнік упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Сяргей Панасюк.
Кіраўнік упраўлення культуры і намеснік старшыні Ляхавіцкага
райвыканкама Святлана Юрлевіч узнагародзілі прызёраў і пераможцаў конкурсу сярод дзіцячых вакальна-харавых калектываў. Лепшым стаў узорны хор «Пралеска» ДШМ № 2 з Брэста.
– Бязмежна рады перамозе. Рабяты вельмі хваляваліся, хацелася выступіць дастойна, паказаць усё, чаму навучыліся. Падрыхтавалі два нумары – песню беларускага кампазітара «Сэрца матулі» і з рэпертуара сусветна знакамітай шведскай групы «АББА». У сувязі з пандэміяй каранавіруса мы па-сапраўднаму засумавалі без выступленняў. А тут такая выдатная нагода сустрэцца як са слухачамі, так і з іншымі калектывамі. Спадабалася нам і арганізацыя форуму. Усё выдатна, –
расказала кіраўнік калектыву Наталля Ягорава.
Канцэртная праграма «Звонкае лета дзяцінства» сарвала нямала апладысментаў і крыкаў «брава!».
Тым часам «галасіў» сквер каля фантана. Да свабоднага мікрафона запрашаліся барды – удзельнікі конкурсу «Напоўнім музыкай сэрцы» – 18 разнапланавых удзельнікаў. Як жа арганічна ўлілася ў цёплы летні пейзаж песня на ўсе часы «Вальс-Бастон». А выконваў яе культарганізатар Мірнаўскага СДК Баранавіцкага раёна Аляксандр
Кучура.
– Песня суправаджае мяне заўсёды. Вельмі люблю бардаўскія творы –
гэта пра жыццё. Яны шчырыя, сапраўдныя. Выконваю не толькі песні іншых аўтараў, але пішу і сам. Чаму выбраў менавіта такі рэпертуар для конкурснай праграмы? Лічу, што песні ў выкананні Разенбаума і Міцяева – класіка, якую не стамляешся слухаць. Цікава не толькі самому выступаць, але і паспаборнічаць з іншымі выканаўцамі
, – гаворыць  Аляксандр Кучура.

Вечарам барды сабраліся на беразе Ведзьмы, дзе падвялі вынікі конкурснай праграмы, узнагародзілі пераможцаў. Імі ў сваіх намінацыях сталі Аляксандр Лазюк, Аляксандр Кучура, Андрэй
Шуста з Баранавіцкага раёна, Наталля Галабурда з Драгічына, Вікторыя
Лакашук (Кобрын), Андрэй Андрухін (Пінск). І, канешне ж, зноў у цёплай, шчырай атмасферы пад водбліскі  кастра і гітарныя акорды спявалі на радасць гледачам і ўдзельнікі, і журы.
 Я даўно прыхільнік бардаўскай песні, калісьці сам захапляўся ігрой на гітары. Люблю песні з сэнсам, якія бяруць за жывое. У раёнцы ўбачыў праграму свята і не мог упусціць такую магчымасць – прыйшоў сюды на канцэрт. Я ў захапленні! Тым больш, атмасфера такая – прырода прыгожая, вакол шмат людзей, – гаворыць ляхавічанін Сяргей Бортнік.
На высокай эстраднай ноце завяршыўся першы песенны дзень. На плошчы Леніна з аншлагам прайшоў канцэрт-дыскатэка «Адпачываем разам». Тон задавалі землякі – аматарскія калектывы мастацкай творчасці і выканаўцы з устаноў культуры Ляхавіччыны.
З раніцы суботы ГДК зноў напоўніўся спевамі. Пачалі конкурсную праграму дарослыя ўдзельнікі – вакальна-харавыя калектывы з акадэмічнай манерай выканання. Пераможцаў вызначалі ў розных намінацыях.
– Такая шчаслівая! Перамога стала для мяне нечаканасцю, бо давялося спаборнічаць з таленавітымі калегамі. На суд журы прадставіла арыю Кармэн з аднайменнай оперы. Я дыпламаваная оперная спявачка, стажыравалася ў Беларускім тэатры оперы і балета, часта выступаю з канцэртамі. Уражанняў шмат, рада, што давялося паказаць сваю творчасць новым гледачам у Ляхавічах, якія стварылі такія шыкоўныя ўмовы для ўдзельнікаў форуму, – падзялілася эмоцыямі ўладальніца дыплома І ступені Таццяна Федарцова, якая прадстаўляла РДК аграгарадка Чэрні Брэсцкага раёна

Прыемна, што сярод прызёраў і нашы землякі-ляхавічане. Народны акадэмічны хор настаўнікаў ГДК заняў другое месца ў сваёй намінацыі. Дарэчы, калектыў быў удастоены гонару выканаць заключную песню ў складзе зводнага хору. Нават далёкі ад музыкі чалавек не мог не захапіцца такім дзіўна-чароўным сугуччам прыгожых галасоў – нумар на біс!
– Пасля выканання «Малітвы за Беларусь» – шквал эмоцый. Не перадаць уражанні! Класна, пранікнёна, сакавіта! Шчасце быць часцінкай такога вялікага творчага калектыву. Ганарымся, што трапілі ў зводны хор. Задаволены і другім месцам, тым больш, канкурэнцыя даволі высокая. Думаю, што наш раён дастойна арганізаваў песеннае свята. Гэта адзначаюць артысты з розных раёнаў, – сказала ўдзельніца народнага акадэмічнага хору настаўнікаў Ляхавіцкага ГДК Ірына Тулейка.
Эпіцэнтрам другога дня форуму стала плошча Леніна, дзе з году ў год вызначаецца насычанай праграмай раённае свята дзіцячай творчасці «Вясёлка дзяцінства». Скарысталіся выдатнай магчымасцю прадэманстраваць свае таленты, палёт фантазіі нашы юныя зорачкі – спевакі, танцоры з устаноў адукацыі і культуры Ляхавіччыны. Яны заварожвалі сваімі выступленнямі, і абыякавых сярод слухачоў не было.
– Спецыяльна сёння адмянілі запланаваныя хатнія справы і ўсёй сям’ёй прыйшлі на плошчу Леніна. Дзецям тут раздолле. Вакол столькі атракцыёнаў. Купілі сёе-тое з цацак, нават сабе пацеркі. Спадабаўся і дзіцячы канцэрт, там выступала пляменніца. Зазірнулі і ў ГДК. Увогуле, час праляцеў неўпрыкмет. Збіраемся і вечарам прыйсці, – адзначае ляхавічанка Марына.
Некалькі гадзін адпачынку, і горад зноў напоўніўся гулам галасоў, вяселлем і добрым настроем. З першых хвілін захапіў, заваражыў кожным рухам, кожным гукам заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны ансамбль песні і танца «Палескія зоры». Потым над Ляхавічамі вячэрнімі загучалі песні ў выкананні вакальна-харавых калектываў вобласці.

Пашанцавала акунуцца ў свет творчасці, натхніцца, паслухаць разнапланавых артыстаў не толькі гараджанам. Парадавалі калектывы з Кобрынскага, Ганцавіцкага, Маларыцкага раёнаў падчас выязных канцэртаў і жыхароў Начы, Русінавічаў, Жарабковічаў, Тухавічаў. А бліжэй да вечара гарадскія царква Узвіжання  Крыжа Гасподняга, касцёлы Найсвяцейшага Сэрца Ісуса Хрыста і Святога Юзафа, а таксама царква Святой Троіцы ў Малым Падлессі напоўніліся рознагалоссем духоўнай музыкі «Песня Песень».
Нядзеля стала гучнай фінальнай кропкай абласнога форуму і таксама багатай на творчыя здабыткі. У ГДК тон задавалі вакальна-харавыя калектывы з народнай манерай выканання. Вечарам на плошчы Леніна гала-канцэртам «Песенны вянок» урачыста завяршыўся фестывальны марафон.
Усе тры дні нязменнай папулярнасцю ў гасцей і ўдзельнікаў песеннага форуму і ў ляхавічан карысталіся атракцыёны, выставы-продажы народных майстроў, кулінарныя прапановы.
Як сведчаць шматлікія водгукі – свята спадабалася! А Ляхавічы чарговы раз пацвердзілі сваю гасціннасць, адкрытасць, шчырасць, уменне сябраваць і ладзіць узорныя мерапрыемствы па фармаце любога ўзроўню.