Беларуская бавоўна нараджаецца тут. На Ляхавіцкім ільнозаводзе рэалізуецца інвестпраект па праграме «Адзін раён – адзін праект»

Лён – расліна безадходная. Але адрозніваецца даходнасцю, якая павялічваецца разам з ростам глыбіні яе перапрацоўкі. У структуры паўночнага шоўку ўсё знаходзіць гаспадарчае выкарыстанне: і вяршкі, і карэньчык

Сваю больш чым паўвекавую гісторыю ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» пачынаў з адной найбольш відавочнай пазіцыі. У выніку першаснай перапрацоўкі траста станавілася льновалакном. Некалькі пазней дадаткова выйшлі на вытворчасць аддзелачных кастрапліт. Ужо ў двухтысячных таварная наменклатура завода была пашырана за кошт паліўных брыкетаў, вырабленых на аснове кастрыцы. У нядаўнім 2021 годзе на прадпрыемстве запрацаваў цэх вырабу алею, сыравінай для якога служыць ільняное насенне.
Да валакна, якое, пачынаючы з 2014 года, вырабляецца ўжо на новым, сучасным абсталяванні, кастрабрыкетаў і льнянога алею ў гэтым
годзе завод «прыплюсаваў» вытворчасць так званага катанізаванага льну. Ці, па словах галоўнага інжынера акцыянернага таварыства Антона Маслоўскага, катаніну.
– Назваць наш новы-стары прадукт беларускай бавоўнай таксама будзе правільным: з’яўляецца вобразнасць, дабаўляецца значнасці, – заўважае спецыяліст.
Прапрацоўка ідэі па арганізацыі вырабу на заводзе катанізаванага льну ўзнікла больш года назад – на фоне сітуацыі, калі кароткае льновалакно № 2 не мела на айчынным рынку ніякага збыту.
Гэта самая нізкая ў сваім шэрагу прадукцыя, па сутнасці, не мела выкарыстання. Лічылася ледзь ці не смеццем, адходамі ад вытворчасці кароткага валакна больш высокіх – трэцяй – чацвёртай – шостай нумарных класіфікацый.
Назваць тэхналогію катанізацыі абсалютна новай не выпадае. Нешта падобнае існавала яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў назад. Канешне ж, на больш нізкім узроўні, зыходзячы з навуковых распрацовак і тэхніка-тэхналагічных магчымасцяў таго часу.
Было вырашана «ажывіць» ідэю, прывесці яе ў адпаведнасць з сучаснымі патрабаваннямі і магчымасцямі. Тым больш, па словах галоўнага інжынера льнозавода, праведзены маніторынг яшчэ раз пацвердзіў запатрабаванасць будучага прадукта – катаніну – на рынках шэрагу краін свету. Рэалізацыя ідэі – інвестпраекта па праграме «Адзін раён – адзін праект» гарантавала для прадпрыемства і Ляхавіччыны ў цэлым новыя экспартныя шляхі, стварэнне шэрагу дадатковых працоўных месцаў. Ну і вырашалася задача выгаднага абыходжання з ільновалакном самай нізкай катэгорыі. З адходнага па факце матэрыялу бачылася магчымасць атрымліваць рэнтабельны прадукт.
Пляцоўкай для ўстаноўкі спецыяльнага абсталявання стала частка цэха па выпуску кароткага валакна. Работа ў ім не прыпынялася з моманту пуску ў 1971 годзе завода. Працавала дзве вытворчыя лініі, адной з якіх давялося «ахвяраваць» пад устаноўку абсталявання для вырашэння новых задач. Другая старая лінія і зараз працуе на кароткае льновалакно, горшая частка якога, яшчэ раз адзначым гэты факт, служыць сыравінай для выпуску катаніну. У чым, сярод іншага, відавочна і лагістычная выгада: без асаблівых намаганняў і доўгіх шляхоў другая вытворчасць як бы служыць працягам першай. Не літаральна, а ў тым сэнсе, што знаходзяцца побач, пад адным дахам, на адлегласці выцягнутай рукі.
Ажыццяўленне праекта па катанізацыі льновалакна каштавала акцыянернаму таварыству каля двух мільёнаў рублёў. Асноўнае тэхналагічнае абсталяванне было закуплена ў Кітаі. З яго мантажом, наладкай, выстаўленнем вытворчых допускаў справіліся ўласнымі сіламі. Як, дарэчы, і з вырабам некаторых неключавых элементаў дааснасткі.
Новая, інвестыцыйная да таго ж экспартная і імпартазамяшчальная вытворчасць на базе ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» працуе крыху больш за два месяцы – умоўную чырвоную стужачку «перарэзалі» 16 мая.
– Да канца мая-пачатку чэрвеня працавалі ў рэжыме наладкі. За летні час вырабілі каля паўсотні тон катаніну. З іх прыкладна 30 тон ужо знайшлі свайго замежнага пакупніка. Зараз працягваем фарміраваць такую ж масу новага тавару. Попыт на беларускую, вытворчасці ААТ «Ляхавіцкі льнозавод», бавоўну з’яўляецца досыць высокім. Тэлефанаванні з прапановай супрацоўніцтва паступаюць на прадпрыемства ледзь ці не штодзённа. Так што ёсць магчымасць «рэгуляваць» адпускныя цэны. Іх лічбавае значэнне называць не буду, але магу адзначыць, што зараз яны амаль удвая выраслі ў параўнанні з прайсам мінулага года. Пры такім раскладзе бачна перспектыва акупіць праект не за сем разліковых гадоў, а раней, – падсумаваў размову Антон Маслоўскі.
Дзякуючы ўвасабленню новай вытворчасці на льнозаводзе з’явіўся больш за дзясятак дадатковых працоўных месцаў. Якія, дарэчы, пакуль не ўсе заняты. Асноўны персанал ліній складаюць свае ж, заводскія, пераразмеркаваныя з іншых работ, цэхаў і ўчасткаў. Апошнімі тыднямі вытворчасць катаніну працуе ў двухзменным рэжыме. Яшчэ і таму, што ўборка льну патрабуе дадатковых рук. Аднак кіраўніцтва завода выношвае планы па трохзменнай загрузцы новай вытворчасці, тым больш, што на попыт скардзіцца не даводзіцца. Катанін шырока выкарыстоўваецца ў абароннай прамысловасці, медыцыне для прыгатавання ваты, у аўтазборачнай вытворчасці ў якасці цеплагукаізаляцыйнага матэрыялу і шэрагу іншых накірункаў эканоміка-гаспа-дарчай дзейнасці.
Як, не зусім да тэмы кажучы, будуецца асцярожная перспектыва вырошчвання азімага варыянту льну.

Іван КАВАЛЕНКА, “Ляхавіцкі веснік”

Фота аўтара.

і. А спіс прадуктаў вытворчасці на яго аснове пашыраецца.